На Лідчыне працягваецца агляд-конкурс "Лідскі падворак"

Сузор’е талентаў

На Лідчыне працягваецца раённы агляд-конкурс канцэртных праграм “Лідскі падворак”. Лепшы з лепшых сваіх канцэртаў далі артысты філіялаў “Дварышчанскі Дом культуры”, “Тарноўскі Дом культуры” і “Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу”.

Увогуле, справаздачныя праграмы былі настолькі адточаны і адшліфаваны, што нават самае строгае журы не змагло б знайсці ў ёй ні малейшай заганы. Музычнае афармленне, рэжысура, трапна ўпрыгожаныя залы, і, канешне ж, талент артыстаў дапамаглі зрабіць канцэртныя праграмы незабыўнымі.  

Арганізатары канцэртных праграм задзейнічалі каля ста ўдзельнікаў. Трэба аддаць належнае, самадзейных артыстаў у Тарнова, Дворышчах, Гудах нямала. У Дворышчах нават сам старшыня сельвыканкама Іван Ганевіч ходзіць на рэпетыцыі і прыгожа спявае, паказваючы такім чынам прыклад мясцовым жыхарам. Журы прыемна здзівілі і ўразілі выступы фальклорнай групы “Вяскоўцы”, жаночай фальклорнай групы “Чараўніцы”, мужчынскай вакальнай групы “Зімлякі” (філіял “Дварышчанскі ДК”), ВІА “Постфактум”, жаночай вакальнай групы “Чараўніцы” (філіял “Гудскі ЦТ і Д”), вакальнай групы “Сустрэча”, дуэта “Дабракі” і “Гармонія” (філіял “Тарноўскі ДК”). Асабліва ж парадавалі гледачоў дзіцячыя калектывы “Дварышчанскія непаседы”, “Шалунішкі”, танцавальны калектыў “Чаравічкі”, ансамбль народнай музыкі “Вясёлка”, ВІА “Равеснік”, вакальная група “Зорачка”. Прыемныя ўражанні ва ўсіх прысутных засталіся і ад выступленняў маладых выканаўцаў: Ірыны Мухі, Ганчарук Ганны, Ксеніі Каранік, Алега Караля, Віктара Юнды, а таксама Кірыла Петрукевіча. Кожнае выступленне самадзейных артыстаў суправаджалася дружнымі апладысментамі. Адным словам, задавальненне атрымаў кожны. Асабліва адчувалася гэта падчас фінальных песень, выконваць якія на сцэну падняліся ўсе артысты. 

 

Увогуле, канцэрты ўдаліся і, сапраўды, апраўдалі тэму і  назву агляду-конкурсу  – “Сузор’е талентаў”. 

Оставить комментарий

Комментарии: 0