Кірмаш талентаў "Рамесны падворак" прайшоў 27 красавіка ў Ходараўскім Доме культуры

РАМЕСНЫ ПАДВОРАК

Шчыра  прымалі гасцей свята  “Рамесны падворак”  работнікі Ходараўскага Дома культуры Лідскага раёна.  А гасцямі былі ўдзельнікі гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва: “Цудоўная скарбонка” з Ганчарскага Дома культуры, “Чароўны куфар” з Голдаўскага  Дома культуры, гурток “Конікі” з Пескаўскага Дома культуры,  “Павуцінка” з Беліцкага Дома культуры, гурток “Чароўны куфэрак” з Ходараўскага Дома культуры.

Кожная ўстанова прадставіла свой падворак,  аформлены і аздоблены рамеснымі  вырабамі, што без перабольшвання, уразіла. Маленькая зала  адразу заквітнела россыпам прыгажосці. Больш за ўсё было вырабаў зробленых у сучаснай тэхніцы пляцення з папяровых трубачак. Гэта былі вялікія і маленькія вазы для кветак, карзінкі і кошычкі, хлебніцы і вазы для цукерак, шкатулкі. Ганчарскі падворак  выглядаў, як кветкавы палісаднік. Кветак, усіх колераў вясёлкі, зробленых з паперы,  не адрозніць было ад жывых. Пескаўскі падворак вылучаўся лялькамі, зробленымі з  тканіны. Фларыстыкай прыцягваў да сябе Беліцкі падворак. Не адвесці вачэй было ад вышываных карцін умеліц з Голдава. Гаспадары прадставілі шмат вырабаў у тэхніцы дэкупаж і  памяшканне упрыгожылі тканыя дываны, дзяружкі і ручнікі мясцовых майстроў. 

         Акрамя гэтага, удзельнікам мерапрыемства патрэбна было прэзентаваць рамёствы сваёй мясцовасці, правесці традыцыйную  гульню  з гледачамі, прадэманстраваць  самы даўні саматканы ручнік і расказаць гісторыю яго стварэння  і ўжывання (хатняе заданне) і праспяваць народную песню. З усімі заданнямі яны справіліся навыдатна і кожная ўстанова атрымала дыплом намінацыі, у якой была лепшая. А ўсяго было пяць намінацый: лепшая візітоўка, лепшая прэзентацыя ручніка, лепшая гісторыя адной рэчы, лепшая жартоўка з народнай кладоўкі, самая вясёлая традыцыйная гульня.                                                  Мерапрыемства прайшло ў камернай абстаноўцы, з  асаблівай цеплынёй і пяшчотай, гучала родная мова і па ўсім адчувалася   павага да нашай спадчыны, нашых продкаў. Можа таму, гледачы шаноўнага ўзросту, якіх было шмат (негледзячы на апошні тыдзень Вялікоднага посту)  напрыканцы пажадалі часцей ладзіць такія святы ў іх аграгарадку.

 

Оставить комментарий

Комментарии: 0