Работнікі філіяла "Беліцкі Дом культуры" адрадзілі свята Юр'я

Абрад Юр’я на Лідчыне

       Юр’я, Юрай, Ягорый - старадаўняе свята беларусаў у гонар  заступніка жывёлы і гаспадаркі Юрыя (Георгія), які  ў часы хрысціянства замяніў язычніцкае славянскае бажаство вясенняй урадлівасці – Ярылу.         У Гродзенскай вобласці свята “Юр’я” прадстаўляла сабой разгорнуты абрадавы комплекс: абрадавыя дзеянні, звычаі, песні, гульні, прыкметы і павер’і. Увесь комплекс падзяляўся  на два ўзаемазвязаныя цыклы: жывёлагадоўчы і земляробчы. У нас на  Лідчыне, больш выдзяляўся земляробчы. Юр’я, у якасці рэканструяванага абраду  выступае ў вёсцы Збляны.

Работнікі філіяла “Беліцкі Дом культуры” ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” вырашылі адрадзіць свята Юр’я. (дарэчы і касцёл у Беліцы Св.Юрыя). Заранёў зладзілі экспедыцыю ў вёску Збляны (5 кіламетраў ад Беліцы) да Лазарчук Глафіры Сцяпанаўны, якая ў свой час была  арганізатарам і ўдзельніцай   гэтага абраду.

Свята пачалося з юр’яўскіх песень, якія выконвалі ідучы да крыжа, што ў канцы Беліцы, не толькі  ўдзельніцы фальклорнага аматарскага  аб’яднання “Вяртанне да вытокаў”, але і старэйшыя жыхаркі вёскі: Аляксандра Лагонда, Алена Бічэль, Ганна Шулейка , Алена Хмялінская. Пасля малітвы каля крыжа ўсе рушылі на луг  вадзіць карагоды. Карагоднае дзеянне пачалося з “юр’явання дзяўчат” (гэта значыць дзяўчынкі мяняліся вянкамі, прыгаворваючы: “Мы з табою паюрыліся”), што адзначае  пасябравалі на ўвесь год, аж да наступнага Юр’я. У другім карагодзе дзяўчынкі выбралі “Лялю” (ёю стала Стуканожка Аліна) і ўзяўшыся за рукі, скакалі вакол яе прыгаворваючы: “Частуй, Ляля пірагом”. Пірог, спечаны Валянцінай Валюк, разышоўся ў імгненне вока і якраз у гэты час падыйшлі  Анатоль Рудзевіч і Аляксандр Шарапа (пастухі кароў).  “Ляля” ўручыла ім спецыяльную хустачку з хлебам і соллю і наказала  закапаць яе пад купінкай на лузе, (каб радзіла  трава,  ды  жывёла  спажываць магла).  Пасля чаго пачаўся віншавальны абыход двароў (кажуць, што існаваў толькі на Лідчыне). Спачатку завіталі на падворак Івана і Анастасіі Сурба, вяселле якіх адбылося ў мінулым годзе (у год ад Юр’я да Юр’я). Першы кусочак, (ён лічыўся юр’ескім, магічным), адрэзаны ад чырвонага паяска, што вынесла гаспадыня, быў уручаны  гэтай  пары з пажаданнямі дабрабыту. Затым гаспадары вынеслі кошык з пачастункамі. Цырымонія віншавання зацягнулася аж да позняга вечара, заходзілі да ўсіх, хто пажадаў.

 

Г.Некраш

Метадыст ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і

народнай творчасці”

 

Оставить комментарий

Комментарии: 0