Звініць каса - жыве вёска

Звініць каса – жыве вёска

 

         У Лідскім раёне, на сенажаці, каля вёскі Ганчары СВК “Беліца -Агра” адбыўся раённы конкурс па ручной касьбе “Звініць каса – жыве вёска”, ініцыятарам правядзення выступіла дзяржаўная ўстанова “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.                    Сэнс мерапрыемства закладзены ў самой назве: ручная касьба -  здаўна з’яўляецца неад’емнай часткай гісторыка-культурнай спадчыны. Конкурс паказаў, што на  Лідчыне ёсць аматары ручной касьбы, якія дастойна працягваюць традыцыі сваіх продкаў: не толькі зберагаюць, але і адраджаюць гэтыя навыкі. Негледзячы на спёку, на конкурс з’ехалася 17 касцоў, з іх нават тры жанчыны. Самаму старэйшаму - Матусевічу Івану Антонавічу з вёскі Ганчары было 80 гадоў, а самаму малодшаму Ілле Кудла было 14.        

         Перад пачаткам касьбы сеназарніцы (так называлі нашы продкі-славяне жанчын, якія захоўваючы звычаі даўніны, збіралі на сенакосныя ўгоддзі касцоў) благаславілі касцоў: абвязалі іх травянымі паясамі з лекавых пакосных траў, каб не балелі спіны, і ўручылі кожнаму ляльку –абярэг “Пакосніца”, якая нясе абнаўленне душы і цела. Пад песню “Касіў бацька, касіў я” у выкананні народнага ансамбля бытавых інструментаў “Каханачка” Мажэйкаўскага Дома культуры пачалася касьба.                                                                                                                

Ацэньвалась не толькі хуткасць касьбы, а таксама якасць (вышыня травы пасля пракосу), чысціня касьбы ( як кажуць, каб барады не было), эстэтычны выгляд пракосу.                                                                                       Пераможцам стаў Іван Кароль з вёскі Рулевічы, другое месца ў Станіслава Ждонца з аграгарадка “Гуды”, трэцяе ў Дыяніза Машкала з аграгарадка “Ваверка”.

Хочацца сказаць дзякуй спонсарам мерапрыемства: газеце “Наша слова” таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, ААТ “Хлебапрадукт”, лідскаму  хлебазаводу.

Упрыгожваннем мерапрыемства стаў калектыў – народны тэатр беларускай народнай песні “Матуліна песня” з Гродзенскага раёна.

                                                                          

 

Г.Некраш

 

метадыст ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”

Оставить комментарий

Комментарии: 0