Згукі бацькаўшчыны

Пазнаць душу народа можна рознымі шляхамі, але найлепш праз народную спадчыну: традыцыі, фальклор, мудрасць, творчасць, якія перадаюцца ад прадзедаў праўнукам, ад дзядоў унукам, ад бацькоў дзецям. Выхаванаму чалавеку з маленства народным каларытам складана адмовіцца ад пачутага і засвоенага – гэта застаецца з ім назаўжды, часам крочыць штодзён па жыцці.

24 верасня 2016г. ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённны цэнтр культуры і народнай творчасці” адбылося  раённае свята “Згукі бацькаўшчыны”.  Першы этап, пад назвай “Талака”, быў прымеркаваны да беларускага земляробчага календара.  У кожнага чалавека свой лёс, сваё прызванне, але ёсць і адзінае – любоў да беларускай песні, народнага танца, абрадаў.  Удзельнікі свята – супрацоўнікі клубных устаноў Лідскага раёна - апантанна збіраюць і адраджаюць мясцовы фальклор. Філіял “Ганчарскі Дом культуры” прадставіў абрад “Напаўненне сявенькі”, які паказвае анімацыйна-рэалістычнае дзеянне “Калі да лёну з паклонам – добра аддзячыць лён”. Напрыканцы дзеяння гледачы атрымалі смачныя падарункі і пачаставаліся блюдамі з семя ільну.

Хлеб – святыня ў нашага народа, таму жніво лічылася вельмі адказным перыядам  ў жыцці кожнага беларускага селяніна. Пачатак і заканчэнне ўборкі ўраджаю зернявых урачыста адзначаліся не толькі сельскай грамадой, але і  ў кожнай сям’і.

         Свята “Багач”  - земляробчае свята ў гонар заканчэння збору ўраджаю. На Багач кожны гаспадар да ўсходу сонца засяваў поле асвечаным жытам: “Прыйшоў Багач  - кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку”. Філіял “Ваверскі Дом культуры” прадставіў абрад “Багач”. Напрыканцы выступлення ўсе пачаставаліся дарамі восені: яблыкамі, грушамі, вінаградам, блюдамі з бульбы.

Жніво падводзіла вынік усёй шматдзённай працы сялян, суправаджалася на Беларусі комплексам разнастайных абрадаў і звычаяў, які складаўся з трох асноўных этапаў: зажынак, жніва і дажынак. Ключавымі аб’ектамі ў жніўнай абраднасці з’яўляюцца: першы сноп, апошнія нязжатыя каласы “Барада”, дажынкавы вянок і апошні сноп. Абрад “Дажынкі” прадставілі супрацоўнікі філіяла “Дзітвянскі Дом культуры”. Інтэрактыўны момант, прыемны, урачысты  -  замешванне і выпяканне дажыначнага хлеба. Напрыканцы ўсе ўдзельнікі свята змаглі пачаставацца караваем.

Мова, звычаі, абрады, рамёствы, якія засталіся нам ад продкаў праз вякі – каштоўныя знакі памяці. Яны могуць знікнуць назаўсёды, калі мы не захаваем іх. Асноўная мэта мерапрыемства – зберагчы, перадаць малодшым пакаленням культурныя традыцыі нашых продкаў.

Метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”

 

Ірына Дыдышка

 

       Другі этап  прымеркаваны да свята Пакровы і назавыецца “Пакроўскі кірмаш”, і пройдзе  ён 15 кастрычніка 2016 года.  Будзем  ладзіць сапраўдны фэст-кірмаш, на якім гледачы пабачаць выставу народных рамёстваў, пагуляюць у традыцыйныя гульні, адведаюць кашы рознага гатунку, пабачаць выступленне тэатра “Батлейка” і паслухаюць песенны фальклор: жартоўныя песні і прыпеўкі.

        Спрадвеку перыяд ад Пакроваў да Піліпаўскага посту быў для нашых продкаў самым вясёлым часам. Сабраны багаты ўраджай, праца у полі скончана, людзі весяліліся і ладзілі вяселлі. Заключны этап свята “Згукі Бацькаўшчыны” пройдзе 12 лістапада 2016 года пад назвай “Вялікая вясельніца”. Гледачы змогуць наведаць выставу народных рамёстваў, тэматычную вытаву вырабаў з берасты. Творчыя калектывы парадуюць вясельнымі песнямі, і тэатралізаваным прадстаўленнем прыказак і прымавак. Завершыць свята танцавальная этнавечарына “Скачуць сёння да зары, польку нават камары!”

         Паважаныя  лідчане! Шчыра запрашаем Вас наведаць шэраг нашых свят. Прыемных вам уражанняў і добрага настрою!

 

 Тэлефон для інфармацыі: 52-62-48, 52-04-92.

Оставить комментарий

Комментарии: 1
  • #1

    Бункевич Т.Е. (Понедельник, 26 Сентябрь 2016 12:45)

    Хорошо придумали,молодцы.Кто не помнит прошлого ,не имеет будущего.