"Гудскі гармонік" трапіў у гісторыю беларускай музычнай культуры

Яшчэ зусім нядаўна даводзілася адзначаць творчыя дасягненні народнага ансамбля народнай музыкі "Гудскi гармонік" па выніках 2016 года. Але пачатак i гэтага года выдаўся для калектыву выдатным. Напэўна, упершыню ў сваёй амаль 30-гадовай гісторыі калектыў трапіў у друкаваны летапіс беларускай народнай творчасці.

Справа ў тым, што ў верасні мінулага года ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" выйшла вельмі цікавая і ўнікальная ў сваім родзе кніга "Беларускія народныя музычныя інструменты". Аўтарам гэтага энцыклапедычнага даведніка з'яўляецца вядомы дзеяч культуры, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, якi, маючы багаты вопыт у гэтай сферы i, напэўна, карыстаючыся беларускай прымаўкай "Пачутае слова можна забыць, а запiсанае будзе вечна жыць", зрабiў такую вялiкую справу . Ён з'яўляецца аўтарам і арганізатарам многіх вядомых і папулярных фестываляў народнай творчасці ў Беларусі. На адным з іх, а менавіта на міжнародным фестывалі "Звiняць цымбалы і гармонік", які праходзіць у Паставах на Віцебшчыне, калісьцi ўдзельнічаў і ансамбль "Гудскi гармонік".

І вось вельмі сімвалічна, што менавіта ў год культуры, які быў абвешчаны ў 2016 годзе, дзякуючы Тадэвушу Стружэцкаму такая выдатная энцыклапедыя  змагла ўбачыць свет і з-за невялікага тыражу становіцца ўжо рэдкасцю ў Беларусі. Сама гэтая кніга выдадзена на дзвюх мовах - беларускай і англійскай і прысвечана музычнай культуры Беларусі. У ёй даволі падрабязна апісана гісторыя стварэння і выкарыстання ў жыцці беларускага народа музычных нструментаў. Безумоўна, што ў кнізе вельмі шмат ілюстрацый тых самых разнастайных беларускіх музычных інструментаў, а таксама згадваюцца творчыя калектывы і майстры, якія і з'яўляюцца носьбітамі беларускай музычнай культуры. Вось і ансамбль "Гудскi гармонік" дзякуючы аўтару заняў сваё годнае месца на старонках даведніка.

Але нездарма кажуць, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Вось і аўтары гэтай цікавай кнігі разважалі так і арганізавалі 9 лютага ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода канцэрт-прэзентацыю, на якім ганаровыя і вядомыя ў сферы культуры госці i простыя гледачы змаглі на свае вочы ўбачыць і, вядома ж, пачуць многія вядомыя калектывы з розных рэгіёнаў Беларусі, якія у першую чаргу, стараліся данесці да публікі жывое і непаўторнае гучанне многіх самабытных інструментаў. Па запрашэнні самога аўтара кнігі ансамбль "Гудскi гармонік" з вялікай удзячнасцю разам з іншымі выканаўцамі і музыкамі прыняў удзел у гэтым мерапрыемстве і, здаецца, вельмі нядрэнна ўпісаўся ў канцэртную праграму.

Варта адзначыць, што дзякуючы высокаму ўзроўню арганізацыі, канцэрт глядзеўся на адным дыханні, і таму было вельмі шкада так хутка пакідаць гэтае унікальнае для Беларусі мерапрыемства.

 

Дзмітрый Пухнарэвіч

удзельнік калектыва

 

“Гудскі гармонік”

Оставить комментарий

Комментарии: 0