"Смак роднай мовы" прайшоў у сельскіх установах культуры да Міжнароднага дня роднай мовы

На працягу лютага ў сельскіх установах культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, да Міжнароднага дня роднай мовы, рэалізоўваўся праект “Успомнім мову і карані свае”. Кожная ўстанова выбірала на свой густ форму правядзення – адсюль іх  разнастайнасць. Так, у філіяле “Мажэйкаўскі Дом культуры” сумесна з бібліятэкай прайшоў тэматычны вечар “Гімн роднай мове”. Паміж вучнямі Крупаўскай сярэдняй школы і Гудскай школай-садам на базе “Гудскага цэнтра творчасці і дасуга” прайшла віктарына  “Дакраніся да роднага слова”. Час паэзіі “Радком сваім, яны Беларусь праславілі”, прайшоў у Голдаўскім клубе-бібліятэцы, дзе чыталіся вершы пра мову Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Ларысы Геніюш.             

Філіял “Ганчарскі Дом культуры”, разам с сярэдняй школай гэтай вёскі, правялі літаратурна-музычную віктарыну “Самая мілагучная, самая трапная, самая пявучая…”. Свой талент, у літаратурнай часткі, раскрылі ўдзельнікі фальклорнага аматарскага  аб’яднання “Крынічка“ названай установы. Госцем на мерапрыемстве быў гісторык-краязнаўца Мікалай Дзікевіч. Яго аповед пра зямлю ганчарскую, пра шанаванне  роднай мовы дзеці слухалі з непадроленай цікавасцю.                                              

У філіяле “Дзітвянскі Дом культуры” прайшло мерапрыемства з назвай “Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова!”. Гледачы з задавальненнем адказвалі на пытанні дзеда Усяведа, слухалі беларускія народныя песні, байкі, вершы ў выкананні ўдзельнікаў аматарскіх аб’яднанняў установы. Вучні пачатковых класаў чыталі таксама вершы пра родную мову , з уласцівай ім непасрэднасцю, чым заваявалі  сімпатыю ў гледачоў.                                                                   

 Шмат дзе ва ўстановах пісалі дыктоўкі на роднай мове.                                    

Наогул, пералічыць спіс праведзенага, проста немагчыма. Ды мабыць і непатрэбна. Галоўнае, як паказала прэзентацыя праекта, што мы не толькі абуджаем павагу да роднай мовы, але і паказваем   на справе, што трэба берагчы гэты бясцэнны дар.                                                                 А дзякуючы Таварыству беларускай мовы, кожны ўдзельнік праекта атрымаў памятную паштоўку з выявай Лідскага  замка  і помніка Францыску Скарыне, на фоне якіх напісаны словы: Краіна, Дзяржава, Радзіма, Бацькаўшчына.                                                                                                                                                                  Ганна Некраш

Оставить комментарий

Комментарии: 0