Белтэлерадыёкампанія "Беларусь 3" у Лідскім раёне

           Народная творчасць заўсёды пераважала ў дзейнасці нашых клубных устаноў культуры. У гэтым кірунку ў 2016 годзе ў Год культуры ў ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” стартаваў праект - адраджэнне “Абрады маёй краіны”. І як паказала практыка, абудзіў у насельніцтва жывую цікаўнасць да гэтых мерапрыемстваў. Таму ў бягучым годзе праект – адраджэнне мае працяг. Пра нашу абраднасць шмат разоў пісала рэспубліканская газета “Культура”. А ў бягучым годзе, у канцы сакавіка, завітаў тэлеканал “Беларусь - 3”  на здымкі перадачы “Наперад у мінулае”.            

       Здымалі  ў філіяле “Беліцкі Дом культуры” абрад “Юр’е”. Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Вяртанне да вытокаў” расказалі, як праводзіўся раней і як цяпер аднавілі, з дапамогай мясцовых старажылаў, гэты абрад. У выкананні вакальнага гурта “Надзея” гучалі юр’еўскія песні: “А мы Юр’е сустрачалі”, “Маладая, малодачка”, “У мураванай мураванцы”, “Юр’ева маці ў свет пайшла”, “Ідзе, ідзе карагод”, “За гарою хмара ўстала”.                                                                      

      У аграгарадку Ходараўцы здымалі абрад “Гуканне вясны”.  Работнікі філіяла “Ходараўскі Дом культуры” як і здаўна, праводзілі гэты абрад на ўзгорку каля лесу. Расклаўшы вогнішча, дзеці і моладзь вадзілі карагоды, падкідалі, зробленыя з паперы птушачкі, імітуючы рухі птушак, каб паскорыць прылёт сапраўдных птушак. Дзеці з задавальненнем крычалі : “Жавараначкі прыляціце, вясну прынясіце – у-у-у-“. Фальклорны гурт “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры выканаў песні-вяснянкі: “Дзякуй Богу, што вясна прыйшла”, “Жавараначкі прыляціце”,”А ў лесе, лесе”, ”Ах ты, вясна-красна”, ”Моладзец, моладзец ”.                                                         

    Напрыканцы хочацца сказаць, што нават калі да абраднасці  нашых продкаў іншым разам і дабаўляюцца элементы сучаснасці, то ўсёроўна традыцыі працягваюць сваё жыццё. А гэта самая сапраўдная повязь часоў.                                                                                                                               

Вядучы метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”

 

Г.М.Некраш

Оставить комментарий

Комментарии: 0