Да, мы Юр'е сустракаем, да, мы Бога звелічаем!

У аграгарадку Беліца 5 мая адбыўся абрад “Юр’еў дзень”. Згодна павер’ю, Святы Юрый  адмыкае зямлю, выпускае расу і распачынае рост усякай расліннасці, тым самым забяспечвае багаты ўраджай на ўвесь год. Вось і жыхары вёскі, а таксама работнікі клубных устаноў Лідскага раёна сабраліся, каб паўдзельнічаць у гэтым прыгожым свяце.

       Спяваючы юр’еўскія песні, і ўслаўляючы Бога са словамі: “Зарадзі, Божа, скацінку, зарадзі, Божа, ніўку, ячмень і пшаніцу і ўсяку пашніцу,” удзельнікі абраду прайшлі цераз усю вёску да крыжа, дзе лажылі вянкі з бярозы. Пасля ішлі ў луг, ладзілі гулянне, вадзілі карагоды і спявалі песні. 

Усім гуртам, калі варочваліся з лугу ў вёску, зайшлі да дому маладзіцы, якая паміж Юр’ямі вышла замуж, і заспявалі песню:

 

Маладая, малодачка,

Выйдзі, выйдзі, выйдзі на вулачку,

Вынясь, вынясь, вынясь падарачак,

Падарачак, падарачак, паясочак,

Копу яек, копу яек на паўмісы,

Каўбасою, каўбасоу абкружыці

Белым сырам, белым сырам залажыці.

 

 

Маладзіца вынесла пачастунак і кінула паясок, які лічыцца абярэгам ад усіх урокаў. Яго разрэзалі на маленькія часткі і раздалі ўсім удзельнікам абраду, каб збярог ад усяго нядобрага і нячыстага. Затым вярнуліся да месца, дзе распачыналі свята, і частаваліся падарункамі ад маладзіцы.

Вось так цікава і па-вясноваму ў вёсцы Беліца  адзначылі Юр’е!

Оставить комментарий

Комментарии: 0