Рыцарскі турнір "Меч Лідскага замка" прайшоў у Лідзе.

Рыцарскі турнір у Лідзе.

 

 

                                                                                                   Ад Лідскіх муроў пачынаем мы крок,

                                                                                         Ад Лідкіх муроў павяртаем мы зрок.

                                                                                         Байніцы гудуць старадаўні напеў.

                                                                                         Як важна пачуць цудоўны той спеў!

 

Сёлета, 9 верасня, у дзень правядзення свята горада Ліды і фестывалю хмелю, соладу і вады “LIDBEER 2017” у Лідскім замку адбыўся даўгачаканы рыцарскі турнір “Меч Лідскага замка”, які даўно ўжо стаў традыцыйным для горада. Дарэчы, ладзіцца гэты фэст у Лідзе з 2005 году. За гэты час Лідскі глядач і шматлікія турысты мелі магчымасць уразіцца яскравым, дынамічным, сярэднявечным шоу з удзелам лепшых рыцарскіх клубаў Беларусі, Польшы, Расіі, Літвы і Украіны, пазнаёміцца з вядучымі калектывамі сярэднявечнай музыкі з самых розных краін.

            Рыцарскі фэст распачало тэатралізаванае адкрыццё, у якім калектывы ДУ “Палац культуры г. Ліды” і лідскія рыцары студыі “Dies Magna” ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” нагадалі гледачам аб знакавай падзеі 625-гадовай даўнасці – пагадненні 1392 года паміж стрыечнымі братамі – князямі Вітаўтам і Ягайлам, – якое было заключана ў маёнтку Востраў пад Лідай і паклала канец дзесяцігадовай міжусобнай вайне. Заключаны вечны мір – і ў гонар гэтай падзеі ў Лідскім замку вырашана правесці рыцарскі турнір.

Сучасны глядач хоча відовішчаў, і арганізатары свята горада не памыліліся, арганізуючы ў Лідзе рыцарскі турнір. Тры захапляльныя шоу, кожнае з якіх пераносіла ў Сярэднявечча, і ў дарослых, і ў дзяцей пакінулі масу ўражанняў. У гледачоў не раз перахоплівала дыханне, калі  конныя і пешыя рыцары на рысталішчы ўступалі ў масавыя бойкі і праводзілі індывідуальныя баі. З асаблівым пачуццем яны назіралі за выступленнем вершнікаў з мінскага конна-гістарычнага клуба “Залатая шпора”, якія сталі ўпрыгожваннем сёлетняга турніру. На фэст у Ліду конныя рыцары прывезлі сваю новую праграму “Вершнікі Вялікага Княства”, якая была прадстаўлена на адкрыцці турніру, распавялі гісторыю нападу турэцкіх янычараў на Паўла Сапегу у час палявання, прадставілі інтэрактыўную анімацыйюную праграму “Пад харугвамі Грунвальда”. У рамках гэтага прадстаўлення гледачы мелі магчымасць паўдзельнічаць у рэканструкцыі аднаго з эпізодаў Грунвальдскай бітвы. Атабраныя гледачы-мужчыны сталі на некатары час сярэднявечнымі воінамі і прайшлі паскораны курс пад кіраўніцтвам рыцараў “Залатой шпоры”, адчулі сябе ўдзельнікамі вялікай бітвы XV стагоддзя.  Наогул, у праграме рыцарскага турніру было прадугледжана шмат інтэрактыўных мерапрыемстваў – гэта і бойка за хусцінку прыгожай дамы, і майстар-класы па сярэднявечным танцам, і шмат іншага. Словам, гледачы ў замку не былі толькі староннімі назіральнікамі. Адным з падарункаў для ўсіх стаў выступ вядомага мінскага гурта “Хардвуд”. Музыкі прэзентавалі Лідскім гледачам сваю новую праграму, напоўненую сапраўдным этнадрайвам і сярэдневечнай энергетыкай. На працягу фэсту ў Лідскім замку працавалі рамесныя рады, а турысты мелі магчымасць бавіць час на пляцоўках з рыцарскімі забавамі.

У Лідскім замку селета сабраліся і пешыя сярэднявечныя воіны. Гэта былі прадстаўнікі  рыцарскіх клубаў з Мінска, Слоніма, Ваўкавыска і, вядома ж,  Ліды. Ліду прадстаўляла народная аматарская студыя-клуб рыцарскіх мастацтваў і сярэднявечнага мадэліраванна “Dies Magna”. Відовішчнай была іх сустрэча на рысталішчы з рыцарамі сталічнага клуба “Белы тур”. У Ліду апошнія прыехалі прадэманстраваць свае майстэрства і зрабілі гэта ва ўсіх трох шоу. На рыцарскі турнір у Ліду ўпершыню быў запрошаны клуб гістарычнай рэканструкцыі “Шатландская пяхота” з Маладзечна. Яго ўдзельнікі расказалі перш за ўсе пра ваеннае жыцце сапраўдных шатландскіх ваяроў. У масавых рыцарскіх бойках прынялі ўдзел знакамітыя клубы гістарычнай рэканструкцыі: “Белы тур”, “Ваяр”,  “Ордэн паўночнага храма”, “Ваўкавыская харугва”, “Веруш”, “Сикамбры”. Пасля правядзення фіналаў рыцарскага турніру “пяць на пяць” (бугуртаў пяцёрак) і індывідуальнага турніру лепшыя з лепшых былі ўрачыста ўзнагароджаны.

            Фінал рыцарскага турніру таксама запомніўся гледачам. Калі  Лідскі замак ахутаў змрок, яго сцены асвяцілі агні піратэхнічнага прадстаўлення і фаер-шоу магілёўскага тэатра агню “Maori”. Маладыя, амбіцыёзныя фаершчыкі падаравалі гледачам сапраўдны танец агню. 

            У рамках фэсту Лідскі замак наведала каля трох тысяч чалавек і гэта сапраўдны аншлаг. Гледачы засталіся задаволены мерапрыемствам і казал, што праз год, калі такі будзе праводзіцца ў Лідзе, маюць жаданне зноў акунуцца ў чароўны свет Сярэднявечча.

            А арганізатары ў сваю чаргу гасцінна запрашаюць у старажытную Ліду і абяцаюць вір падзей,  яскравых відовішч, запамінальных сустрэч, і, як заўсёды, кажуць: “Да новых сустрэч на фэстах у Лідзе!”

 

                                                     Вядучы метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы

            ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”

 Троцкая Вольга

   

 

 

 

 

 

Оставить комментарий

Комментарии: 0