Народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік” адзначыў сваё 30-годдзе!

 

 

Юбілейная дата адкрыта,

Гады птушкай ляцяць, не дагнаць,

Але ж нам усяго толькі 30,

Дык не будзем, сябры, сумаваць!

 

         21 чэрвеня ў Палацы культуры горада Ліды сабраліся сапраўдныя аматары народнай музыкі і песні, прыхільнікі творчасці вядомага ў Гродзенскай вобласці і за яе межамі народнага ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік”, які адзначыў свой 30-гадовы творчы юбілей.

 

Пачыналася ўсё 32 гады таму назад, калі ў Гудскі сельскі клуб на пасаду загадчыка прыйшоў працаваць малады таленавіты хлапец – Андрэй Колышка. На адным з мерапрыемстваў, у час выступлення мясцовага хору, удзельнік мастацкай самадзейнасці зайграў на гармоніку полечку, ды так! што гледачы ледзве ў скокі не пусціліся... Вось тады ў Андрэя Колышкі з’явілася і запала ў душу ідэя стварэння калектыва народнай музыкі. У строі ансамбля тады былі тры гармонікі і барабан. Пазней дабавіліся кантрабас і дудка, затым скрыпка і цымбалы. На працягу 30-ці гадоў у калектыў прыходзілі творчыя людзі, і кожны аддаваў ансамблю сваё натхненне і талент. Сёння ў складзе калектыву – Андрэй Колышка (кіраўнік, гармонік), Іван Кароль (гармонік), Аляксандр Пучыла (кантрабас), Марыя Дукі (цымбалы), Ганна Ліпская (скрыпка), Алена Кавальчук (дуда), Алена Мілеўская (барабан). Выдатным вакалам радуюць слухачоў салісты ансамбля – Лілія Хвайніцкая, Наталля Вайцюкевіч, Вольга Троцкая, Алеся Ярунічава, Кацярына Каспорская і Дзмітрый Пухнарэвіч.

Сучасны калектыў, як і раней, мае сваё індывідуальнае аблічча, непаўторную манеру выканання і рэпертуар, які ў асноўным складаюць беларускія, польскія, рускія народныя песні і мелодыі, а таксама апрацаваныя творы, запісаныя ад старэйшых жыхароў Лідскага раёна ў час фольклорных экпедыцый.

Адметна, што частку рэпертуару “Гудскага гармоніка” складаюць аўтарскія творы Андрэя Колышкі на словы экс-салісткі Ганны Баборык і творы, напісаныя ўдзельнікам ансамбля – Аляксандрам Пучыла на ўласныя вершы і вершы лідскага паэта Станіслава Судніка.

 

Народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік” на высокім прафесійным узроўні прадстаўляе беларускае музычнае і песеннае мастацтва, як у нашай краіне, так і за яе межамі. За гады існавання калектыў прадставіў больш за шэсцьсот канцэртаў. “Гудскі гармонік” – удзельнік і неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх, абластных і раённых святаў, фестываляў і конкурсаў. З 2007 года звесткі пра ансамбль “Гудскі гармонік” уключаны ў Энцыклапедыю беларускага фальклору, а ў 2017 годзе – у энцыклапедычны даведнік “Беларускія народныя музычныя інструменты”.

На святочным юбілейным канцэрце гучалі віншаванні і падзякі ў адрас кіраўніка і ўдзельнікаў “Гудскага гармоніка”. Усе яны розныя па характару, па ўзросту, розныя па прафесіі, але аб’ядноўвае іх самае галоўнае – любоў да песні і зямлі беларускай.

За гады свайго існавання “Гудскі гармонік” набыў шмат сяброў. Каб павітаць і павіншаваць гэты выдатны калектыў, на свята прыйшлі народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў “Мы з вёскі калыскі” Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра, народны вакальны ансамбль “Святліца” Дзітвянскага Дома культуры, народны ансамбль песні і танца “Лідчанка” Палаца культуры г.Ліды. Святочныя пажаданні прагучалі ад прадстаўнікоў школ мастацтваў і іншых устаноў культуры аддзела культуры Лідскага райвыканкама.

 

   З нагоды 30-годдзя творчай дзейнасці, народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік” узнагароджаны Граматай упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама. Падзячным пісьмом старшыні Лідскага раённага Савета дыпутатаў узнагароджваны ўдзельнік народнага ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік” Аляксандр Пучыла, Ганаровай граматай Лідскага райвыканкама – Андрэй Колышка (кіраўнік калектыва), Падзячным пісьмом старшыні Лідскага райвыканкама – Ганна Ліпская, Граматай аддзела культуры Лідскага райвыканкама – Алена Кавальчук, Дзмітрый Пухнарэвіч. За плённую творчую дзейнасць, высокае прафесійнае майстэрства, прапаганду народных традыцый музычнага мастацтва Падзячным лістом ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” узнагароджаны ўсе ўдзельнікі ансамбля.

  Віншуем народны ансамбль «Гудскі гармонік» са святам! Дзякуем яго ўдзельнікам за высокае прафесійнае майстэрства і бязмежны энтузіязм. Калектыву жадаем поспехаў і новых творчых дасягненняў. Няхай і далей, на радасць усім, квітнее народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік”!

 

 

 

 

Ансамбль “Гудскі гармонік” і арганізатары праграмы выказваюць словы ўдзячнасці спонсарам свята – філіялу РУВП “Гроднахлебпрам” Лідскаму хлебазаводу, прыватнаму транспартнаму  ўнітарнаму прадпрыемству “ТрыумТРАНС”, ААТ “Шклозавод “Нёман”. За творчую падтрымку, дапамогу пры падрыхтоўцы свята выказвае шчырую ўдзячнасць калектыву Палаца культуры горада Ліды.

 

 

 

Оставить комментарий

Комментарии: 0