Дыпломы фіналістаў ў Х Рэспубліканскім фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” атрымалі ўдзельнікі фальклорнага гурта “Талер”

З добрай навіной вярнулася з Х Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” зборная група ўдзельнікаў фальклорнага гурта “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

“Берагіня” адзначыла ў гэтым годзе юбілейную дату – 20 год свайго існавання. Гарадскі пасёлак Акцябрскі Гомельскай вобласці маштабна падрыхтаваўся да мерапрыемства. З 20 па 24 чэрвеня гаспадары фестывалю арганізавалі экскурсіі ў карцінную галерэю, Цэнтр гісторыі і культуры, заапарк. На Цэнтральнай плошчы адбылося свята народнай харэаграфіі, музыкі і песні “Рудабельскі баль”. У гарадскім скверы праходзілі конкурсы, канцэрты, прэзентацыі мастацкіх праграм, а таксама свята народнай творчасці “Рудабельскі кірмаш” і народнае свята “Рудабельскае Купалле”. У Цэнтры вольнага часу працавалі выстаўкі, рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя, прэс-канферэнцыя з удзелам СМІ, круглы стол, і, галоўнае, конкурс пар-выканаўцаў беларускіх побытавых танцаў “Лявоніха” і конкурс харэаграфічнай імправізацыі “Барыня”.

Лідскую каманду з трох пар падрыхтавала Мікелевіч Таццяна – культуролаг ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Малады спецыяліст зрабіла ўсё магчымае, каб танцоры выканалі конкурсную праграму і былі гатовы да высокіх патрабаванняў журы. Лідскія пары змагаліся за перамогу ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. Складана было выступаць ўпершыню і стрымліваць хваляванне, спаборнічаць з супернікамі, адаптаванымі да сцэны. Прыемна, што воля да перамогі не засталася без увагі журы. Дзве пары: Мікелевіч Таццяна і  Дзямко Аляксей, Дыдышка Ірына і Сакалоў Дзмітрый прайшлі ў ½ фінала і атрымалі Дыпломы за пераемнасць і працяг танцавальных традыцый свайго краю, а пара Шчалканогавай Наталли і Сакалоўскага Мікалая сталі першымі – атрымалі  Дыпломы фіналістаў!

 

 

Аўтар нарыса – Дыдышка Ірына Маркаўна, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. 

Write a comment

Comments: 0