Раённае абрадавае свята “Купалле” адзначылі ў Лідзе

 

Шматлюдна было ў мінулую суботу каля Лідскага замка, дзе ладзілася раённае абрадавае свята “Купалле”. Жыхарам Лідчыны даспадобы гэта мерапрыемства, пра што сведчыць колькасць гледачоў, прыбываючых з кожным годам.

       Святочную дзею на сцэне адкрыў гусляр і пад музыку сапраўднай ліры пачаў аповед пра святкаванне Купалля нашымі продкамі. Затым эстафету перанялі спадарыня Купаліна і спадар Купала, якія запрашалі карагодзіць, гуляць у народныя гульні. Спадарыня Зельніца дапамагала праводзіць варажбу на вяночках і правесці конкурс на самы прыгожы вянок на свяце. А вянкоў, трэба сказаць, было багата! Іх плялі і давалі майстар-клас па пляценню работнікі Крупаўскага, Дварышчанскага, Беліцкага Дамоў культуры, Ходараўскага сельскага клуба-бібліятэкі. Вялікая чарга за вянкамі стаяла каля прадстаўнікоў Бердаўскага культурна-дасугавы цэнтра. І не дзіўна! Бо тут завіхаліся хлопцы: Мікалай Сакалоўскі і Дзмітрый Сакалоў.

       Воклічамі і вясёлымі выкрыкамі прысутныя сустракалі Вадзянога разам з сваёй світай, прыплыўшых на лодках. Праводзілася квэст-гульня “У пошуках папараць-кветкі”. Ласавальня з дэгустацыяй травяных напояў частавала гасцей свята духмянай гарбатай. Гучна прайшоў канцэрт калектыва “Забабоны” з горада Мінска.

       Але кульмінацыйным момантам свята, як і заўжды, стала купальскае вогнішча, ля якога  ўдала ўпісалася  фольк-фаер-шоу ад тэатра агню “ZHARA” з горада Ліды.

Write a comment

Comments: 0